Гушкі, гушкі, гушкі
Прыляцелі птушкі,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Боты паскідалі,
Кругом паляталі.
Сталі сакатаці.
Чаго птушкам даці?
Прынясу ім жыта,
Будуць птушкі сыты.
Пасыплю гароху —
Хай ядуць патроху.
Ды насыплю грэчкі -
Хай нясуць яечкі.
Кукарэку, певунок
Кукарэку, певунок,
Залаценькі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць?
— Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Што дзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.
Кую, кую ножку
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі
Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду.
— Ладу, ладу, ладкі
Дзе былі?
— У бабкі.
— А што елі?
— Кашку.
— А што пілі?
— Малачко.
Бабулька казала,
Як нас частавала:
— Прыходзьце часцей,
Пачастую смачней:
Дам вам сыраквашкі,
Бярозавай кашкі.
Люлі-люлі-люлі
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі сакатаці —
Што курачкам даці?
Ці ячменю жменьку?
Ці гарошку трошку?
Ці жыта карыта?
Ці бобу каробу?
Трэба даць ім грэчкі,
Каб неслі яечкі.
Сонейка-сонца
Сонейка-сонца,
Выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку,
Дам табе гарошку.
Сарока-варона
Сарока-варона
На прыпечку сядзела,
Кашку варыла,
Дзетак карміла.
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
А гэтаму не дала.
Гэты пальчык —
Вялікі гультайчык:
Круп не драў,
Цеста не мясіў,
Вады не насіў.
Лыжка на паліцы,
Кашка ў камяніцы.
Шуг! Шуг! Шуг!
Паляцелі —
На галоўку селі.
Ягорачка
Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку,
I свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.