Новости проекта
Обязательно к прочтению
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Асаблівасці ўспрымання твораў мастацкай літаратуры выхаванцамі дашкольнага ўзросту

Дата: 21 февраля 2019 в 16:40, Обновлено 21 февраля 2019 в 16:45
Автор: Кишко А. В.

Асаблівасці ўспрымання твораў мастацкай літаратуры выхаванцамі дашкольнага ўзросту

Ад успрымання мастацкага твора залежыць яго дальнейшае разуменне і ўзнаўленне, таму перад выхавальнікам дашкольнай установы стаіць задача садзейнічаць працэсу ўспрымання літаратуры дашкольнікамі.

   Успрыманне мастацкага твора з’яўляецца адным з аснаўных кампанентаў мастацка-маўленчай дзейнасці. Гэта складаны працэс, які ўключае слуханне, уяўленне, усведамленне праслуханага і разуменне яго зместу. Дзеці дашкольнага ўзросту не ўмеюць самі чытаць, яны толькі з захапленнем і цікавасцю слухаюць. Падчас слухання літаратурнага твора ў свядомасці дзіцяці ўзнікаюць пэўныя ўяўленні, канкрэтныя вобразы, якія яно асэнсоўвае і аб’ядноўвае паміж сабой, што дапамагае яму больш дакладна усвядоміць і зразумець змест прачытанага.

     Слуханне мастацкага твора прадстаўляе сабой працэс перцэптыўнай дзейнасці, у ходзе якой дзіця ўспрымае твор пры дапамозе слыхавога і зоркавага аналізатараў. Першы забяспечвае адчуванне дзецьмі інтанацыйнай выразнасці мастацкага твора, другі абумоўлівае ўспрыманне пэўнай мімікі і жэстаў падчас расказвання яго педагогам.

     Успрыманне мастацкай літаратуры непарыўна звязана з пранікненнем у мастацка-вобразны змест яе твораў. У літаратурных мастацкіх вобразах адлюстроўваецца ўсё рэальнае навакольнае жыццё. Зразумела, што іх успрыманне апасродкавана мінулым вопытам дзіцяці, які пачынаецца ад самага нараджэння і з цягам часу ўсё больш удасканальваецца. Чым цяснейшая сувязь існуе паміж зместам мастацкага твора і жыццёвым вопытам дашкольнікаў, тым большай эмацыянальнасцю вызначаецца іх успрыманне.

       Аб магчымасці дашкольнікаў глыбока ўспрымаць змест літаратурных твораў як мастацтва слова, пранікаць у іх маральна-эстэтычны сэнс сведчаць псіхалагічныя даследванні Д.Б.Эльконіна, А.У.Запарожца, Л.І.Бажовіч, Л.С.Славінай, у якіх вучоныя адзначаюць, што характэрныя асаблівасці псіхікі, усведамлення і паводзін дзяцей дашкольнага ўзросту дазваляюць выхавальніку актыўна кіраваць працэсам успрымання мастацкага твора, які з боку дашкольнікаў носіць актыўны і дзейсны характар. Таксама ў сваіх даследваннях вучоныя паказваюць, што ўспрыманне мастацкіх твораў дашкольнікамі суправаджаецца шчырасцю, праўдзівасцю, непасрэднасцю перажыванняў і зацікаўленнасцю, захапляльнасцю, развіццёі уяўленняў, на аснове якіх пераўтвараецца вопыт дзіцяці.

     Дашкольны ўзрост з’яўляецца перыядам актыўнага станаўлення ўспрымання мастацкіх твораў дзецьмі. Успрыманне мастацкага твора малодшымі дашкольнікамі вызначаецца сваёй непасрэднасцю. Яны эмацыянальна ўспрымаюць падзеі, што адбываюцца ў творы, актыўна перажываюць усё, што адбываецца з героем, нават з фантастычным, суперажываюць разам з ім. Іх вельмі радуе спрыяльны ход падзей, перамога дабра над злом. Пры гэтым іх увага у большай ступені накіравана на саміх герояў твора. Выхаванцаў цікавіць знешні від герояў, іх дзеянні, учынкі. Ва ўяўленнях і ацэнках літаратурных твораў у малодшых дашкольнікаў у большай частцы пераважае палярнасць, якая вызначаецца або белымі, або чорнымі тонамі.

      У выхаванцаў чатырох гадоў мастацкі вопыт удасканальваецца і ўзбагачаецца. Яны ўжо пачынаюць адрозніваць межы паміж рэальнымі і казачнымі жанрамі, адчуваюць законы казачнай фантастыкі. Гэта дазваляе паступова развіваць першыя ўяўленні выхаванцаў аб некаторых асаблівасцях жанра (загадкі, казкі. апавяданні, небыліцы). Іншы раз, выражаючы свае эмацыянальныя адносіны да мастацкіх твораў, выхаванцы выконваюць нечаканыя для дарослых дзеянні. Спачуваючы літаратурнаму герою, дзіця спрабуе непасрэдна, практычна ўдзейнічаць на творы мастацтва, замест таго, каб перанесці свае адносіны на рэчаіснасць, якая ў іх адлюстравана. Чорнай фарбай замалёўвае на карцінцы адмоўнага героя, вырывае ілюстрацыю з яго адлюстраваннем, прапускае ў час пераказу непрыемныя падзеі, змяняе іх ход, канцоўку твора.

      Выхаванцы пяцігадовага ўзросту дастаткова асэнсавана ўспрымаюць мастацкі твор. Пры гэтым яны лёгка ўстанаўліваюць простыя прычынныя сувязі ў сюжэце, характарызуюць герояў кніг, часцей выказваюць правільныя меркаванні аб іх учынках, якія грунтуюцца на жыццёвых уяўленнях аб пэўных нормах маральных паводзін, што ўжо склаліся. Эмацыянальныя адносіны да герояў кніг і літаратурных фактаў набываюць у выхаванцаў дзейнаснае значэнне. Дзеці становяцца пасіўнымі ўдзельнікамі адлюстоўваемых падзей, якія яны імкнуцца перажыць у сваіх думках разам з героямі. Выдатны дзіцячы пісьменнік і мовазаўца К.І.Чукоўскі пісаў, што менавіта ў гэтую пару ў дзяцей заканчваецца перыяд зліцця паэзіі з крыкамі і тупаннем ног і пачынаецца эпоха, якая вызначаецца больш высокай культурай, эпоха дыферэнцыацыі мастацтваў. Дзеці імкнуцца да спасціжэння ўнутранага сэнсу твора. Мастацтва слова становіцца для іх самацэнным.

      Выхаванцы старэйшай групы могуць ужо ў пэўнай ступені перажыць у сваіх уяўленнях змест таго, пра што напісана ў кнізе. Яны пераходзяць на стадыю асабіста мастацкіх адносін да літаратуры. Тут садзейніцтва і саўдзельніцтва пры ўспрыманні мастацкага твора змяняецца больш высокай ступенню – спачуваннем, здольнасцю перажыць змест твора ў сваіх дзеяннях, патрэбай у такога рода перажываннях.

     А.Ул.Запарожац адзначыў, што дзяцей ужо не здавальняе такое вызначэнне сітуацыі, калі невядома, хто добры, а хто дрэнны. Яны намагаюцца падчас успрымання адразу вызначыць станоўчых герояў, прыняць іх пазіцыю і негатыўна становяцца да ўсіх тых, хто іх у гэтым творы не здавальняе. Бывае, што нават нежывыя рэчы падлягаюць суровай крытыцы, калі дзіця не знаходзіць таго, каго можна было б абвінаваціць у тым, што здарылася. Характэрнымі асаблівасцямі ўспрымання становяцца неаднолькавыя адносіны выхаванцаў да твораў пэўнага зместу і стылю (казачным, вандроўніцкім, прыродазаўчым, гістарычным, фантастычным і інш.) У працэсе разгляду мастацкага твора дзеці спрабуюць устанаўліваць шматлікія сувязі ў тэксце (логіку падзей, прычыны і вынікі ўзнікнення канфліктаў, матывы паводзін герояў, ролю мастацкай дэталі і інш.).

       На шостым годзе жыцця выхаванцы ўспрымаюць літаратурнага героя ў яго розных праяўленнях. Іх ужо цікавіць не толькі знешні выгляд героя, але і яго ўчынкі, перажыванні, думкі, якім дзеці імкнуцца даць пэўную ацэнку. У гэтым узросце адносіны да прачытанага знешне праяўляюцца не так ярка, як у маленькіх, але яны набываюць значна большую асэнсаванасць, глыбіню і ўстойлівасць. Эмацыянальны водгук, які выклікаюць кнігі, узбагачае духоўны свет дзіцяці, рыхтуе яго да рэальнага жыцця, павышае цікавасць да ўнутранага свету людзей, дапамагае лепш убачыць драматычнае і камічнае ў жыцці, з гумарам адносіцца да некаторых жыццёвых сітуацый. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да фарміравання ў выхаванцаў старэйшай групы мастацкага густу. У іх паяўляюцца любімыя пісьменікі, апавяданні, казкі.

     Дашкольны ўзрост лічыцца найбольш спрыяльным перыядам мастацкага ўспрымання паэзіі. У гады дзяцінства назіраецца асаблівае імкненне дзіцяці да рытмічна-арганізаванага склада маўлення. Дзеці вельмі любяць слухаць і чытаць вершы. Яны аддаюць ім відавочную перавагу ў параўнанні з празаічнымі творамі. Дзяцей цягне да дынамічных рытмаў, радаснай мелодыкі, рыфмы. Але сапраўднаму глыбокаму ўспрыманню паэтычнага мастацтва дзяцей неабходна вучыць.

        “Калі дзеці вучацца спевам, слуханню музыкі, рытмічнай гімнастыцы і г.д., - пісаў К.І.Чукоўскі, - то іх тым больш неабходна вучыць успрыманню вершаў”. Асаблівай увагі патрабуе ўспрыманне дзецьмі баек. Трэба заўважыць, што алегорыя байкі не даходзіць да дзяцей без дапамогі выхавальніка, педагог павінен растлумачваць дзецям яе сэнс.

Крыніцы:

1. Дубініна, Дз.М., Старжынская, Н.С. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе /Дубініна Дз.М., Старжынская Н.С. – Мн.:Нар.асвета, 1999. – 103 с.

2. Старжынская, Н.С., Дубініна, Дз.М. Методыка развіцця роднай мовы /Н.С.Старжынская, Дз.М.Дубініна. – Мінск:Выш.шк., 2008. – 301 с.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.