ПАЭТЫ І ПІСЬМЕННІКІ КАПЫЛЬШЧЫНЫ
Ц.Гартны
“Капыль”
Капыль, Капыль! Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны куток!
Мне міла ўсё тваё: і рэчка,
І хаты, нівы і гаёк…
Вакол яго снуе далінай
Шнурок вясёлы раўчука,
Якога нам, бы матка сына,
Спакон вякоў дала рака,
Што там магутна воду гнала
І чоўны рэзвыя нясла,
Бурлівай хваляй узгорак рвала
І крыгай мост стары трасла…
А далей – вокал роўна нівы
Свае шнуркі к гаям вядуць,
Што цёплым летам людзям жніва
За працу цяжкую даюць
На нівах густа разлягліся
Астаткі шведскае вайны,
Што ў час вяковы не звяліся
У траве зялёнай курганы.
Пад іх грамадаю маўкліва
Ваякаў слаўных косці спяць,
Пайшоўшы смела ў час прызыву
Свой родны край абараняць.
Між тых курганаў, на адгону,
Высокі замак з цьмі вякоў
Устае, як сведка ўлады і законаў
Старых часоў, сваіх князёў.
Калі ж паглядам далей кінем
Туды, дзе ніў канец ляжыць, -
Хваёвы бор, як вострым клінам,
Сцяной зялёнаю стаіць.
Старыя хаткі сумна зніклі
З зялёным мохам на страсе,
І спяць – маўчаць, нібы прыціхлі,
Як заварожаныя ўсе…
А. Астрэйка
“Капылю”
Здалёк, за вёрст, магчыма пяць,
Ажно з Рымлянскае гары,
Мой гарадок Капыль відаць,
Яго будынкі і двары.
Яго старыя курганы
Мо не одну стаілі быль
Пра дні бяды, пра дні вайны,
Як рос, змагаўся мой Капыль.
У гэтым горадзе не раз
Для твораў любасць і цяпло.
Збіралі ў свой юнацкі час
І Гартны, Чорны і Гурло.
Хаця не давялося ім
Дажыць да пераможных дзён,
Яны наказвалі жывым
Занесці Капылю паклон.
Паміж руінаў я стаю,
Што крок – магілы пры сцяне.
У сэрцы смутак не таю,
Так горка і балюча мне.
Паклон магілам дарагім,
Табе паклон мая зямля
Я шчыра ганаруся тым,
Што родам сам з-пад Капыля.